Кніганошы
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І яны мінулі балота і хмызы, забраліся ў самы гушчар, сеўшы наўздалёк ад сцежкі, якой хадзілі на вясковы выпас дзікі. Перад імі быў адхон, укрыты ялінамі, чорнаалешнікам і густой крушынай.

...Каля поўначы пачулі крокі. Людзей было двое. Але адзін з іх ішоў так ціха, што яго крокі пачулі, толькі прыслухоўваючыся да нязграбных крокаў другога. Гэты другі таксама ступаў асцярожна, цішэй, чым салдат, і ўсё ж часам пад яго нагою хрумсцелі лаўжы.

Ніхто так не шуміць у лесе, як чалавек.

– Ні з месца!
– крыкнуў Вольке, калі крокі наблізіліся.
– Страляю.

Тыя замерлі. І ўсё ж - па кроках аднаго з двух - праз хвіліну стала зразумела, што яны ўцякаюць. Крокаў другога не было чуваць, і салдаты падумалі нават, што ён стаіць на месцы.

Слуп агню прарэзаў апраметную цемру. Страляў паручнік. Потым грымнулі стрэлы салдат: чуваць было, як падалі, зрэзаныя кулямі, галінкі і лісты.

Паўз Буткевіча, ломячы галіны, ірвануўся ў цемру Вольке.

– Стой! Спаймаў! Трымайце яго, прапаршчык! А-а, вось ты!

Салдаты скупчыліся вакол паручніка. Нехта чыркаў сярнічкамі, запальваў ліхтар.

– На гук страляў, - перарывістым голасам сказаў Вольке.
– Гэта той, што шумеў. Ды ганіцеся ж... Ды ганіцеся ж за другім... Хал-лера!

Але гнацца не было як. У навакольнай цемры нават свае далоні нельга было бачыць. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся.

У святле ліхтара ўсе заўважылі распасцёртага на сцежцы хлопца год семнаццаці. Трымаць яго не трэба было: паручнікава куля прабіла яму скронь і выйшла ў патыліцу. Ён так і ўпаў на спіну - адразу, прыціснуўшы целам вялікі лубяны кораб з кнігамі, быццам не хочучы аддаваць яго ў чужыя рукі.

– Гасі ліхтар, - сказаў Вольке.
– Перастраляюць, як сабак.

– Наўрад ці ў іх была зброя, - сказаў Буткевіч.
– Гэта ж кніганошы.

– Усё адно.

Толькі калі адышліся далёка і зноў мінулі балота, Вольке з прыкрасцю крэкнуў:

– Не здагадаліся. А можа, забіты сваяк таму. Трэба было зрабіць засаду і чакаць. Зрабіць выгляд, што пайшлі, і чакаць. Вярнуўся б. Напэўна, гэта Корч быў.

Памаўчаў.

– Ён і ўцякаў, бо думаў: другі ўцякае таксама.

– Кіньце, - сказаў Буткевіч.
– Што вы, крумкач?

– А што ж... Гэтак пацэліць у цемры - ого!.. А вы што, шкадуеце?

– Малады, - сказаў Буткевіч.

– Та-та-та. Кіньце! Усё адно прыйдуць па труп. Не пакінуць жа, трэба думаць, не пахаванага... Словам, лухта!

Забітага завезлі ў мястэчка і палажылі там на радно, у густую траву ля плота валаснога праўлення. Гэта было зроблена знарок, каб хлопца пазналі. Вольке пакінуў прапаршчыка ў мястэчку, а сам накіраваўся ў павет, далажыць.

Буткевіч быў вельмі раззлаваны. Паручнік зноў спіхнуў на яго самае непрыемнае. А глядзець на забітага было непрыемна. Малады, бялявы, валасы хвалістыя, на мёртвым твары - выраз здзіўлення. Вельмі было шкада хлопца. І потым, няхай нават крамола, але нашто было адразу страляць? Трэба было паспрабаваць злавіць яго жывога. Жывадзёр гэты Вольке, вось што! А цяпер - глядзі! Вартуе, праўда, салдат, але гэта ўсё адно.

...Малады бялявы хлопец ляжыць на радне ў густой траве.

Да вечара траву моцна вытапталі. Чутка аб тым, што забілі нейкага кніганошу, хутка разляцелася па навакольных вёсках. Людзі ішлі і ішлі. Некаторыя спыняліся ля мёртвага і доўга разглядалі твар, над якім пачыналі ўжо віцца мухі. Але варта было спытаць старшыні ў каго:

– Што, ведаеш?
– і чалавек, апускаючы павекі або проста гледзячы ў вочы валаснога, абыякава паціскаў плячыма.

– Адкуль я ведаю? Не, не ведаю.

Гэта была сапраўдная змова маўчання. Злуючы на ўсё гэта і на тое, што даводзідца сядзець над забітым, як вароне, Буткевіч нервова спытаў у валаснога:

– Няўжо і вы не ведаеце? Гэта ж ваша воласць.

– Адкуль я ведаю?
– зусім як сяляне сказаў валасны.

Ніхто не выдаў, што ведае забітага. Не выдаў нават рухам. Нават незнарок.

Сярод тых, хто прыходзіў, Буткевіч заўважыў Ганусю. Падышла, зграбненькая, сіняковая, у сіняй з жоўтымі кветкамі хустцы, моўчкі пастаяла над забітым і пайшла прэч.

Ён нагнаў яе, паспрабаваў спыніць і ўбачыў, што вочы ў яе халодныя і чужыя.

– Страляеце, - цьмяным голасам сказала яна.

Прапаршчык маўчаў.

– Сорамна, пане Алежа.

– Гэта не я, гэта Вольке, - як хлапчук, паспрабаваў апраўдацца Буткевіч і пачырванеў.

– Я ведаю, пане, - сказала яна.
– Але як вы... маглі?

Яна агледзела яго тым самым чужым і дзіўным позіркам. Ён стаяў такі засаромлены, зграбны, у вачах ягоных былі такая горыч і такая крыўда, што яна апусціла вейкі.

– Што ж гэта вы?
– сказала яна ўжо трохі іншым тонам.
– Як жа гэта вы?

І ён убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна заўсёды глядзела на яго. Але акрамя водсвету ў вачах цяпер былі слёзы не слёзы, а так нешта накшталт безнадзейнага развітання з нечым дарагім.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win