Шрифт:
— Ці таварыш жадае каля сцяны? — спытаў чэкіст.
— Мне ўсё роўна.
— Гэта добра, бо я не вельмі спакойны — аддаю перавагу каля сцяны спаць.
— Добра.
Неўзабаве патушылі лямпу. Пасля некалькіх хвілін чэкіст заснуў. Пачаў храпець і скрыпець зубамі. Забава доўга не спаў. Паліў цыгарэты.
Калі заснуў, апынуўся ў вялікім пакоі, аклееным чырвонымі шпалерамі. Са столі на доўгіх канатах звешвалася трапецыя, а на ёй практыкавалася зусім голая жанчына. Забава, здзіўлены і ўзбуджаны, глядзеў на яе. Дзесьці з правага боку мякка струменілася чырвонае святло, а з левага сляпілі вочы пражэктары, якія няспынна мянялі колер. На нагах жанчына мела чырвоныя чаравічкі, на галаве чырвоны берэт, з-пад якога выбіліся пасмы валасоў. Забава падышоў бліжэй. Тады жанчына зірнула ўніз, і Забава спыніўся, ахоплены жахам. Гэта была Лізка Брагіна. Выканала з дзесятак рухаў на трапецыі, адважных, бессаромных, падкрэсліваючы ўсе свае формы цела; рабіла гэта зухавата, зада- воленая, што хтосьці за ёй назірае. Кіўнула яму галавой. Забава зразумеў, што просіць, каб зняў яе. Наблізіўся да трапецыі і ўзяў яе пад каленямі. Адчуў у абдымках гарачае, пругкае цела, з ружовай, гладкай, як костка, скурай. Пра- гнуў упіцца зубамі ў пругкае сцягно, да якога дакранаўся шчакой. Раптам Лізка адпусціла трапецыю і са смехам абрынулася на яго ўсім целам.
Прачнуўся. На ягонай шыі ляжала перакінутай рука чэкіста. Ён адсунуў яе, а потым з жахам адчуў, што пад дзяжкай няма рэвальвера. Пачаў шукаць яго, мацаючы рукамі пасцель. Доўга анічога не знаходзіў, нарэшце адчуў пад пальцамі ручку парабелума. Чэкіст ляжаў на ім, моцна прыціснуўшы целам да матраца. Забава, хочучы выцягнуць рэвальвер, сеў на ложку і адным рыў- ком вырваў парабелум з-пад чэкіста.
— Што? Што гэта? Хто тут?.. — трывожна пытаўся чэкіст, сядаючы на ложку.
— Нічога, нічога. гэта я паправіў коўдру. Скінулі яе на падлогу.
— А. я сапраўды. Угм. м-м-м...
Зноўку заснуў. У тую ноч Забава больш не спаў. Паліў цыгарэту за цыга- рэтай і думаў пра свой сон.
«Не выходзіць Лізка з галавы! Што прыгожая, дык прыгожая! — успомніў падрабязнасці сну. — Трэба яе абавязкова заваяваць, бо дакучае, як стрэмка пад пазногцем!»
— М-м. — мармытаў чэкіст.
— Спі, цялё! — прамовіў ціха Забава. — Малака ты не любіш, крыві і самагонкі няма.
Калі раніцай чэкіст прачнуўся, Забава прыкінуўся сонным. А калі той апрануўся і сышоў без развітання, Забава таксама падняўся, узяў з сабой з адрыны дакументы і вымыўся. Пасля сняданку развітаўся са Скальскімі, абяцаючы прыехаць калісьці на даўжэй, і падаўся на вакзал.
Неўзабаве ехаў у кірунку Оршы. Драмаў. З глыбіні вагона даносілася песенька:
Што я знала? Пас ды прас,
І была я сцерваю.
А цяпер я сярод вас,
Сёстры міласэрныя!
З другога канца вагона хтосьці крыкнуў:
— Гэй, ты, заткні хайло! Калі голасу не маеш, не дзярыся, як старыя споднікі!
Сапраўды, голас спявак меў агідны. Змоўк, як аблізаны, і больш не азы- ваўся.
* * *
У той час, калі Забава на магілёўскай кватэры Скальскіх вёў гутарку
з намеснікам каменданта губчэка, на вакзале ў Менску чэкісты арыштавалі двух суб’ектаў з падазронымі дакументамі. Адзін заявіў, што прыбыў сюды
з Польшчы, хочучы прабрацца да сваякоў у Маскве. Другі — Антон Крале- віч — паказаў, што родам з Вільні і што нядаўна ад безвыходнасці здзейсніў у эсплуататараў крадзёж 200 000 марак і, каб пазбегнуць адказнасці, збег у Саветы, дзе намерваецца сумленна жыць і працаваць. Кралевіча адканва- ірвалі ў губчэка, у распараджэнне судовага следчага, Стафана Нядбальскага. Другога арыштаванага накіравалі ў Маскву, на Лубянку.
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ
Менск, 7 кастрычніка 1922 г.
Другі дзень я ў Брагіных. Дакараю сябе, што дарэмна тут сяджу, але мне неахвота вырушваць у зваротны шлях. А ўсё — Лізка... Пры ёй я як п’яны — твар б’е на плямы. Хочацца, калі гляджу на яе, скрыгатаць зубамі. схапіць яе на рукі, лашчыць, ціскаць, цалаваць... Часта ў яе прысутнасці не магу сабрацца з думкамі і бываю такім няўважлівым, што гэта насцярож- вае іншых.
Заўчора, прыехаўшы ў Менск, падаўся з вакзала пехатою да кватэры Бра- гіных. Пайшоў галоўнымі вуліцамі і праз сквер «Каляровы бульвар». Крочыў цэнтральнай алеяй, што перасякала сквер наўскос. Раптам на выхадах са сквера заўважыў нейкі незвычайны рух. Калі наблізіўся да аднаго з выйсцяў, убачыў ланцуг чырвонаармейцаў і чэкістаў, які атачаў сквер, правяраючы дакументы. Наўзбоч пагрозліва вуркатаў грузавы аўтамабіль, гатовы прымаць ахвяры. Была гэта чарговая аблава ЧК. У куце сквера тоўпіўся дзесятак ары- штаваных людзей, аточаных салдатамі са зброяй.
Я наблізіўся да выхаду і нядбайна ды абыякава паказаў — як прыкмеціў раней у вайскоўцаў і ўпэўненых у сабе людзей — «отпускной билет». Чэкіст зірнуў у пасведчанне і сказаў:
— Калі ласка, таварыш.
Я пакрочыў далей. Заўважыў, што «буйную рыбу» цяжка падлавіць на благіх пасведчаннях, хіба што бракароба. Хутчэй будуць благія або неда- сканалыя дакументы ў лаяльнага грамадзяніна, чым у шпіёна, аферыста ці прафесійнага злачынцы.
У Брагіных я заспеў Озімава, сакратара губвыканкама. Зосі ў хаце не было. Озімаў заляцаўся да Лізкі, седзячы за сталом каля яе. Я сеў насупраць Брагіна. Неўзабаве мы пачалі гуляць у прэферанс. Калі прыйшла Зося, пры- вітаў яе з удаванай радасцю. Заўважыў, што Лізка здзіўлена зірнула на мяне.
У прэферанс мы гулялі ўчатырох: Озімаў, Кобзаў, Брагін і я. Ліза і Зося назіралі за гульнёй. Жонка Брагіна, Марыля Іванаўна, нешта шыла пры малым століку. Я быў узбуджаны прысутнасцю Лізкі і знуджаны гульнёй у карты, якую не любіў, таму рабіў такія памылкі, што ўсе звярталі на гэта ўвагу. Для мяне пройгрыш анічога не значыў, бо гулялі на драбніцу. Некалькі разоў купляў карты «ўцёмную» і часта пападаўся, але меў такое шчасце, што больш чым без адной узяткі не заставаўся.
Тут жа пры маім крэсле сядзела Зося і падказвала мне хады, але я не звяртаў на гэта ўвагі і гуляў па-свойму. Озімаву прыйшла, відаць, добрая карта, бо калі я «ўцёмную» дайшоў да чырвенных сямёрак, ён сказаў са злосцю: